20 красавiка 2024, Субота, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: Перад «выбарамі» 2015 года будуць саджаць не на суткі, а на пару гадоў

20
Зміцер Дашкевіч: Перад «выбарамі» 2015 года будуць саджаць не на суткі, а на пару гадоў

«Зачысткі» перад ЧС па хакеі - пачатак падрыхтоўкі Лукашэнкі да чарговых «выбараў».

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org пасля 25-сутачнага арышту ў турме на Акрэсціна заявіў сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

- Раней адзін з актывістаў распавёў, што ў турме на Акрэсціна цяпер сядзіць каля 250 чалавек. Ці змянілася сітуацыя?

- Арыштанты, якія ездзяць з супрацоўнікамі міліцыі атрымліваць ежу для тых, якія сядзяць на Акрэсціна, пару дзён таму казалі, што бралі на сутачнікаў каля 150 паяк. Я ведаю, што пачынаючы з 5 або 6 траўня людзей ужо пачалі вазіць у Жодзіна. Таму нават цяжка сказаць, колькі ўсяго затрыманых. Але на Акрэсціна ў апошні час гэта сапраўды каля 150 чалавек. Прычым камеры там перапоўненыя - у пяцімясцовыя кідаюць па восем чалавек і больш. Сярод арыштаваных на суткі вельмі шмат жанчын, гэта значыць зразумела, што «стометроўкі» і з трас забралі ўсіх прастытутак. Таксама на сутках сядзіць шмат грамадскіх і палітычных актывістаў. Бралі нават звычайных заўзятараў на «Мінск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне», на кожны раён давалі разнарадкі па 100-200 чалавек адпраўляць у ЛПП. Гэта значыць «зачыстка» праводзілася мэтанакіравана не адзін месяц, а падчас чэмпіянату яна актывізавалася ў агрэсіўнай форме.

- Пра што, на твой погляд, сведчаць масавыя арышты апазіцыянераў да і падчас Чэмпіянату свету па хакеі?

- Можна сказаць, што такім чынам Лукашэнка пачаў падрыхтоўку да «выбараў» 2015 года. Я думаю, што адпрацоўваецца пэўная схема і адсочваецца рэакцыя грамадства. Людзей хапаюць проста пад пад'ездам, і не трэба нават ніякіх акцый, мітынгаў і пратэстаў. Проста ёсць спісы, як у сталінскія часы. Толькі тады па гэтых спісах стралялі, а сёння па іх на роўным месцы закідваюць у «блашатнік» і на месяц вырываюць з жыцця. Таму верагодна, перад «выбарамі» 2015 года ўжо пачнуць пакаваць не на суткі, а на пару гадоў.

- Ці пагражалі табе ўлады пасля вызвалення?

- Так. Учора мяне завезлі ў Першамайскі РУУС, інспектар выпісаў мне папярэджанне, што ў выпадку чарговага, гэта значыць ужо трэцяга папярэджання супраць мяне завядуць крымінальную справу.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках