Адзін з перавознікаў пасажыраў вяртае рэйсы ў Літву
7- 28.03.2024, 20:11
- 10,630
Іх прыбралі пасля закрыцця двух памежных пераходаў.
Кампанія «Сенціера», якая здзяйсняе пасажырскія перавозкі з Віцебска ў Літву, з 1 красавіка мае намер аднавіць рэйсы ў Вільню. Пра гэта фірма паведаміла ў сацсетках, а таксама разаслала СМС-паведамленні кліентам. Кампанія спыняла паездкі ў Літву ў канцы лютага пасля закрыцця гэтай краінай двух памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю, паведамляе «Люстэрка».
Кампанія мае намер выконваць рэйсы з Віцебска ў Вільню і назад. Пра іншыя маршруты (раней былі рэйсы таксама ў Каўнас і Шаўлі) пакуль гаворка не ідзе. «Першы рэйс 1 красавіка выправіцца ў 20.00 з Віцебска, а далей будзем карэктаваць расклад, таму што не ведаем, што будзе на межах, – паведамлялі ў кантакт-цэнтры кампаніі нашаму журналісту як фізічнай асобе. – Назад з Вільні першы рэйс будзе а 15-й (2 красавіка. – Заўв. рэд.), а далей будзем глядзець. Нам трэба зразумець, што на межах, як нас прапусцяць».
Кошт праезду – 160 рублёў у адзін бок.
Нагадаем, кампанія «Сенціера» скасавала рэйсы ў Літву ў канцы лютага. «У сувязі з тым, што Літва забараніла перавозку пасажыраў у нерэгулярных зносінах, з 29 лютага мы вымушаныя прыпыніць усе рэйсы ў/з Літвы, – паведамляў у сваіх сацсетках перавознік. – Вельмі спадзяемся, што неўзабаве сітуацыя развяжацца на нашу карысць і рэйсы будуць адноўленыя. Дыспетчарская працаваць не будзе».
Нагадаем, акрамя закрыцця двух памежных пераходаў, Літва таксама забараніла з 1 сакавіка нерэгулярную аўтобусную перавозку без дазволу.