Фінляндыя, Польшча і краіны Балтыі ўзмоцняць кантроль за санкцыямі супраць РФ
3- 10.05.2024, 11:32
- 2,928
Мытныя службы падпісалі пагадненне.
Мытныя службы Фінляндыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі і Польшчы падпісалі пагадненне аб узмацненні маніторынгу санкцый супраць Расеі. У рамках дамоўленасці краіны будуць абменьвацца звесткамі і ўмешвацца ў выпадку выяўлення абходу санкцый.
Падпісанне адбылося ўчора, 9 траўня, у Вільні, гаворыцца ў прэс-рэлізе фінскай мытні. Паводле ейных звестак, вонкавыя памежныя краіны Еўразвязу "адыгрываюць ключавую ролю ў прадухіленні абыходжання санкцый".
"Падпісаным сёння пагадненнем мы хочам паказаць іншым дзяржавам і кампаніям важнасць шчыльнага супрацоўніцтва для эфектыўнага санкцыйнага кантролю, а таксама ўнесці свой уклад у падвышэнне эфектыўнасці санкцый", – заявіў кіраўнік мытні Фінляндыі Самі Ракшыт.
У красавіку Еўрарада ўключыла абыход санкцый ЕЗ у пералік крымінальных злачынстваў. У іх пералік увайшлі, гандаль санкцыйнымі таварамі і абыход забароны на паездкі ў Еўропу. Са звестак EUobserver, ЕЗ мае намер узгадніць 14-ы пакет санкцый супраць пуцінскага рэжыму да ліпеня.