2 траўня 2024, Чацвер, 17:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка даручыў звольніць двух намеснікаў міністра МУС, пракурораў і суддзяў (Абноўлена)

99

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб тым, што на працягу лістапада з органаў унутраных справаў, Генпракуратуры і судоў будзе звольнены шэраг высокапастаўленых службовых асобаў.

"На працягу лістапада гэтыя людзі (і шэраг іншых чыноўнікаў) павінны быць звольненыя з органаў унутраных справаў", - заявіў Лукашэнка на нарадзе па пытаннях барацьбы з карупцыяй.

«10 высокапастаўленых службовых асобаў МУС наўмысна пайшлі на парушэнне заканадаўства, каб атрымаць зямельныя ўчасткі ў Менскам раёне. Я назаву ўсім да ведама: гэта першы намеснік міністра ўнутраных справаў Шчурко, намеснік міністра Філістовіч, былыя намеснікі міністра Радзюкевіч, Глухоўскі, дырэктар дэпартамента фінансаў і тылу Мельнікаў, дырэктар дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Іванчыкава, былы дырэктар дэпартамента выканання пакаранняў Коўчур, былы дарадца міністра ўнутраных справаў Карпейчык, лекар шпіталя МУС Бурко, супрацоўнік ГУУС Менска Новік", - паведаміў Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў генеральнаму пракурору краіны Рыгору Васілевічу ўнесці прадстаўленне аб вызваленні намесніка генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Менскай вобласці Міхаіла Снегіра ад займаных пасадаў і ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да іх.

"Генеральнаму пракурору сёння да зыходу дня ўнесці прадстаўленне аб вызваленні намесніка генеральнага пракурора Купрыянава і пракурора Менскай вобласці Снегіра ад займаных пасадаў і ўзбудзіць крымінальную справу. У межах крымінальнай справы прайсці ўсе прыступкі, у тым ліку, і маральнага плану", - заявіў ён.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што "у траўні 2007 года пракурор Менскай вобласці Снягір набывае 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры Менска плошчай больш за 200 квадратных метраў з падземным гаражом у прадстаўніка камерцыйнай фірмы". "Першае пытанне - дзе пракурор узяў для гэтага грошы? Вы ж ведаеце, колькі каштуе такая кватэра ў цэнтры Менска", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго словаў, "ён (Снягір - ИФ) набывае кватэру ў чалавека, які на момант набыцця не меў права прадстаўляць гэтую фірму і наогул быў звольнены па скарачэнні штатаў". Акрамя таго, працягнуў ён, "гэтая кватэра не магла быць прададзеная юрыдычнай асобай, паколькі ў ёй пражываў супрацоўнік фірмы Сідаровіч, у якога была заключаная дамова арэнды з фірмай да 2024 года".

Лукашэнка падкрэсліў, што "кватэра была набытая Снегіром па заніжаным кошце - усяго за 156 млн. рублёў, калі яе рынкавы кошт быў звыш за 500 тысяч даляраў ЗША". "Каб надаць пагадненню бачнасць законнасці, Снягір аформіў падробленае дадатковае пагадненне да дамовы набыцця-продажу, дзе быў абгавораны іншы кошт кватэры - 535 млн рублёў", - сказаў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, Сідаровіч, які пражываў ў кватэры, звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска. "Якую вы думаеце пазіцыю занялі суддзі Ілліна, Есьман, Паўлючук? Суддзя Ілліна ўзгадняла па тэлефоне са Снегіром паслядоўнасць сваіх дзеянняў. А суддзі Есьман і Паўлючук прынялі рашэнне накласці спагнанне на наймальніка кватэры Сідаровіча за нібыта самавольную перапланіроўку кватэры", - адзначыў А.Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што "Сідаровіч 8 разоў звяртаўся ў Генпракуратуру са скаргай на супрацьпраўныя дзеянні Снегіра". "Ніякага адказу. Таму што ўсе дакументы спісваліся са справы намеснікам генпракурора Купрыянавым, які знаходзіўся са Снегіром у сяброўскіх адносінах", - заявіў Лукашэнка.

"Я свядома ў дэталях распісаў гэтыя кватэрныя махінацыі, каб паказаць тую ступень нагляднасці, беспардоннасці і нахабства, да якой дакаціліся некаторыя работнікі судовай і праваахоўнай сістэмаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

А.Лукашэнка таксама дадаў, што "на тэрыторыі Цнянскага вадасховішча Снягір сканчае будаўніцтва катэджа, кошт якога толькі па візуальных ацэнках складае не менш за 1 млн. даляраў. А яшчэ дадайце мільён на мэблю і іншае добраўпарадкаванне", - сказаў прэзідэнт. "Грошы адкуль, Рыгор Аляксеевіч (Р.Васілевіч - генпракурор - ИФ)", - спытаў А.Лукашэнка. "Там не менш, як паўмільёны даляраў, і тут трэба будзе пасля заканчэння 2 мільёны даляраў. Грошы адкуль? Вы што, ім выдаеце з касы пракуратуры?", - заўважыў ён.

Паводле яго словаў, "на фатаграфіі гэты асабняк глядзіцца больш унушальна за рэзідэнцыю прэзідэнта. Пры гэтым катэдж Снягір зарэгістраваў на падстаўную асобу - жыхара Менска, чыя асоба выяўленая. Сам Снягір і чальцы яго сям'і перыядычна бываюць там, каб кантраляваць ход будаўніцтва".

На думку кіраўніка дзяржавы, "можна было бы патлумачыць і больш менш зразумець, калі б чалавеку няма дзе было жыць, і ён бадзяўся ў гэты час па нейкіх розных кутах. Але ж ў сям'і Снегіра маецца яшчэ цудоўная кватэра ў цэнтры сталіцы, а таксама некалькі гаражоў, не кажучы ўжо аб аўтамабілях".

Акрамя таго, А.Лукашэнка дадаў яшчэ адну рысу да характарыстыкі пракурора вобласці. "Да яго звярнуліся сябры- прадпрымальнікі з просьбай аб аказанні садзеяння ў ліквідацыі канкурэнта і адмене ўжо прынятага рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду. Тут Снягір праявіў незвычайную актыўнасць", - заявіў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, "калі з-за прынцыповай пазіцыі першага намесніка старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду Смірнова у яго (Снегіра - ИФ) не атрымалася вырашыць гэтае пытанне, ён (Смірноў - ИФ) іх усіх паслаў, дык ён (Снягір - ИФ) звярнуўся па дапамогу да намесніка генпракурора Купрыянава. Ну а той у парадку пракурорскага нагляду прыпыніў выкананне рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду".

Дзіўна, што Лукашэнка нічога не кажа аб сотнях гаспадароў шматмільённых асабнякоў у элітным пасёлку Дразды, дзе пражываюць многія дзяржаўныя чыноўнікі і «прыдворныя» бізнэсмэны.

Лукашэнка даручыў старшыні Вярхоўнага суду, дзяржсакратару Савета бяспекі і генпракурору "яшчэ раз вывучыць матэрыялы разгледжаных судом Цэнтральнага раёна Менска справаў па кватэрных пазовах Снегіра і Сідаровіча, разгледзець пытанне аб абгрунтаванасці прыпынення Купрыянавым рашэння Вышэйшага гаспадарчага суду і на працягу лістапада месяца прыняць рашэнні".

"Нават калі ў вас паўстане маленькая закавычка і сумневы, усё: кватэры, жыллё, машыны павінны быць вернутыя іх уладальнікам", - распарадзіўся прэзідэнт.

А.Лукашэнка таксама даручыў старшыні Вярхоўнага суду Валянціну Сукалу вызваліць ад займаных пасадаў суддзяў Ілліну, Есьман і Паўлючук. Акрамя таго, А.Лукашэнка запатрабаваў ад старшыні Камітэта дзяржкантролю, генеральнага пракурора "правесці праверку законнасці вылучэння Снегіру зямельнага ўчастку ў раёне Цнянскага вадасховішча і будаўніцтва асабняка на падстаўную асобу". "Пры адсутнасці фінансавых дакументаў, якія пацвярджаюць, асабняк спагнаць ва ўласнасць дзяржавы для далейшай перадачы шматдзетнай сям'і, што жыве ў нястачы, ці выкарыстання па іншым прызначэнні", - заявіў беларускі кіраўнік.

Напісаць каментар 99

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках