У Гарадзенскай вобласці турыстаў завабліваюць у падзямелле
2- 30.04.2024, 12:21
- 6,362
На ўсю Беларусь такіх толькі два.
У наваградскім касцёле Міхала Арханёла 27 красавіка ўрачыста адкрылі крыпту імя святога Дамініка і біскупа Віта.
Адкрыццё крыпты для наведвання пачалося са святой імшы і было прымеркаванае да 400-годдзя касцёла. Набажэнства ўзначаліў біскуп-намінат Уладзімір Гуляй, паведаміў сайт CatholicNews.by.
Крыпта знаходзіцца ў найстарэйшай частцы касцёла, дзе яшчэ да яго пабудовы стаяла капліца. Там размяшчаюцца пахаванні айцоў дамініканцаў, а таксама сем'і спонсараў касцёла з роду Хадкевічаў.
«Працы па падрыхтоўцы крыпты, яе абсталявання і прывядзеннюя ў парадак доўжыліся тры гады. Цяпер кожны наведвальнік Наваградка можа наведаць гэтае старажытнае месца і такім чынам дакрануцца да багатай гісторыі нашай зямлі», — распавёў пробашч касцёла ксёндз Юры Жэгарын.
Крыптай называюць падземную частку храма, звычайна размешчаную пад алтаром, дзе традыцыйна хавалі манахаў ці дабрачынцаў царквы.
У Беларусі толькі дзве даступныя турыстам крыпты
Падобная крыпта, акрамя Наваградка, ёсць у Нясвіжы. Гэта магільны склеп Радзівілаў у падзямеллях касцёла Божага Цела. Падзямеллі з пахаваннямі ёсць і ў многіх іншых касцёлах, але яны звычайна недаступныя турыстам.
Наведаць наваградскую крыпту можна штодзень падчас працы касцёла — з 10:00 да 17:30. Кошт наведвання - добраахвотнае ахвяраванне.
Манастыр дамініканцаў у Навагрудку ў 1624 годзе фінансаваў Крыстаф Хадкевіч. У 1724 годзе на месцы першага драўлянага касцёла быў пабудаваны мураваны – які існуе дагэтуль. У манастыры побач з касцёлам дзейнічала школа, якую наведваў у дзяцінстве Адам Міцкевіч.