«У грамадскім транспарце ўсе лезгінку танчаць»
7- 30.04.2024, 20:45
- 21,138
Жыхары Берасця скардзяцца на нашэсце заедзі.
Берасцейцаў з надыходам цёплага вясновага надвор'я пачала атакаваць заедзь, прычым яшчэ больш агрэсіўная, чым летась. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал "Віртуальны Брэст".
Адзначаецца, што кузуркі паводзяць сябе больш актыўна і часта залятаюць у кватэры вышэйшыя за трэці паверх, чаго раней не заўважалі мясцовыя жыхары. Прычым у дамы яны пранікаюць удзень, калі іх не відаць, а потым увечары накідваюцца на людзей і жывёл. Дарэчы, не ратуюць ад няпрошаных гасцей нават маскітныя сеткі.
Са слоў берасцейцаў, кузуркі «азвярэлыя нейкія зараз»: «Налятаюць, як на кавалак мяса, і схавацца няма дзе… У грамадскім транспарце ўсе лезгінку танчаць».
Тым часам мясцовыя эпідэміёлагі чакаюць масавага вылетукузурак-крывасмокаў у вялікай колькасці ў першай - другой дэкадах траўня 2024 года, калі будзе захоўвацца стабільна цёплае надвор'е. Медыкі параілі ў перыяд моцнай актыўнасці заедзі імкнуцца не знаходзіцца каля вадаёмаў (там іх больш за ўсё). Акрамя таго, варта надзяваць адзенне, якое максімальна закрывае цела, а таксама выкарыстоўваць рэпелент, што адпужвае заедзь.