17 траўня 2024, Пятніца, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ прадказаў Расеі скарачэнне дзелі ў сусветным ВУП да гістарычнага мінімуму

11
МВФ прадказаў Расеі скарачэнне дзелі ў сусветным ВУП да гістарычнага мінімуму

Расейская эканоміка ўпадзе ніжэй за «дно» 1990-х.

Насуперак амбіцыйным планам Крамля і абяцанням прэзідэнта Уладзіміра Пуціна расейская эканоміка ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе расці павольней за сусветную і прадоўжыць страчваць дзель у глабальным ВУП. Такі прагноз дае Міжнародны валютны фонд у красавіцкім блоку макраэканамічных праектовак, паведамляе The Moscow Times.

Паводле ацэнкі МВФ, на канец 2023 года на Расею прыпадала 2,94% сусветнага выпуску тавараў і паслуг у парытэце пакупніцкай здольнасці (ППЗ). Да 2025 года гэтая дзель знізіцца да 2,9%, у 2026-м апусціцца да 2,85%, у 2027-м – да 2,8%.

Да канца 2028 года, паводле разлікаў МВФ, на РФ будзе прыходзіцца ўжо толькі 2,75% сусветнай эканомікі, а ў 2029 годзе толькі 2,7%. Гэта стане мінімумам за ўсю сучасную гісторыю краіны – ніжэй, чым «дно» 1998 года, калі на фоне дэфолту дзель Расеі ў ВУП свету падала да 2,83%.

З руінаў Савецкага Саюза Расея вынесла 4,48% глабальнага ВУП, але ўжо да канца 1990-х разгубіла палову гэтай дзелі. У 2000-я на фоне росту коштаў нафты і прытоку сотняў мільярдаў сыравінных даляраў дзель Расеі ў сусветнай эканоміцы павялічылася да 3,7% (2008 год), пасля чаго зноў пачала зніжацца і на ранейшыя ўзроўні ўжо не вярнулася.

У першай палове 2010-х на РФ прыходзілася 3,4% глабальнага ВУП, пасля анэксіі Крыма – ужо толькі 3–3,1%, а пасля пачатку вайны з Украінай гэты паказнік упершыню за два дзесяцігоддзі ўпаў ніжэй за 3-адсоткавую адзнаку, вынікае з звестак МВФ.

Паводле вынікаў мінулага года Расстат даў справаздачу пра рост ВУП на 3,6% пасля таго, як урад перавёў абаронныя заводы на трохзменны рэжым, каб штампаваць снарады і бомбы для войска, якое ваюе ва Украіне. Сёлета, паводле прагнозу Мінэканамразвіцця, расейскі ВУП павінен вырасці на 3,2%, налета – на 2,3%.

МВФ прагназуе запаволенне тэмпаў росту да 1,8% у 2025 годзе і толькі 1,3% – у 2029-м.

Напампоўваючы ваенную прамысловасць трыльёнамі з бюджэту і падвышаючы падаткі, каб далей аплачваць рахунак за вайну, Крэмль штурхае эканоміку да мадэлі СССР. «Прадукцыя ВПК – гэта, груба кажучы, грошы, выкінутыя з эканомікі, – кажа эканамістка Аляксандра Сусліна. – Умоўныя танкі, бомбы – гэта тое, што адзін раз згуляла і зваротнага ўсплёску ў эканоміку не дало. На аскепках танка немагчыма стварыць высокатэхналагічны апарат, што магло б надалей спрыяць росту».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках