20 траўня 2024, панядзелак, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«На гэтых мерапрыемствах не было савецкага афіцыёзу»

12
«На гэтых мерапрыемствах не было савецкага афіцыёзу»
ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК

Беларускі апазіцыянер расказаў, якое свята павінна прыйсці на замену 9 траўня.

Ці з'яўляецца 9 траўня для беларусаў святам? Беларускі апазіцыйны палітык, кіраўнік руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык у каментары для сайта Charter97.org выказаў меркаванне, што ў нашай краіне павінен з'явіцца Дзень памяці ахвяр і герояў Другой сусветнай вайны:

- Я хацеў бы нагадаць, што Другая сусветная вайна закранула не проста ўсю Беларусь - няма ніводнай беларускай сям'і, у якой не было б ахвяр праз гэту вайну. Як толькі Беларусь пазбавілася ўлады камуністаў, то ўзнікла традыцыя (пачатак ёй паклала Беларускае аб'яднанне вайскоўцаў, якое ўзначальваў у той час Мікалай Статкевіч) праводзіць акцыі 8 траўня, дзе шанавалася памяць і ахвяр, і герояў Другой сусветнай вайны. На гэтых мерапрыемствах не было савецкага афіцыёзу, які прыдумаў Сталін са сваім 9 траўня. Безумоўна, Беларусь уваходзіць у лік пераможцаў над нацысцкім рэжымам, але ж гэта была перамога для ўсяго свету, а не толькі для беларусаў.

Я заўсёды ганарыўся, што рух салідарнасці “Разам” адразу далучыўся да гэтых акцый. У 1996-м годзе ўзнікла яшчэ адна традыцыя - каля помніка Барысу Акрэсціну мы рабілі калектыўнае фота. Тыя, хто за апошні год быў незаконна арыштаваны і кінуты ў ізалятар, размешчаны на завулку Акрэсціна. Часта гэта былі такія вядомыя людзі, як Валеры Шчукін, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец. Шмат хто яшчэ за 30 гадоў дыктатуры мае такія здымкі каля помніка маладому лётчыку, які загінуў, змагаючыся супраць нацыстаў. Сёння, на жаль, яго імем названы канцлагер, у якім жорстка здзекуюцца з беларусаў.

Маё меркаванне абсалютна адназначнае - у беларусаў павінен быць Дзень памяці ахвяр і герояў Другой сусветнай вайны. Не сталінскае 9 траўня, а 8 траўня. Трэба разумець, што беларускі рэжым сёння засноўваецца адначасова і на сталінізме, і на гітлерызме. І словы Лукашэнкі, што не ўсё так адназначна з Гітлерам, гэта ж ён сам сабе казаў. У моманце, калі ён даваў інтэрв'ю нямецкім журналістам, ён ужо быў злачынцам, абсалютна незаконна захопліваючы ўладу над беларускім народам.

Вельмі сумна, што гэты персанаж дагэтуль кіруе Беларуссю. Усе гэтыя гады прадстаўнікі Нямеччыны і іншых краін з ім кантактавалі, мелі не толькі гандлёвыя і палітычныя сувязі. Гэта напраўду вельмі страшна, таму што нацызм не быў канчаткова пераможаны. І адрадзіўся ён акурат з дапамогай Лукашэнкі, Пуціна і камунізму. Вось такое атрымалася дастаткова дзікае спалучэнне дзвюх таталітарных ідэалогій, якія расцвілі менавіта дзякуючы пачвары Лукашэнку.

- Многія палітыкі адмовіліся ад паездкі ў Маскву на парад 9 траўня, але не Лукашэнка. З чым гэта звязана?

— У яго зараз не тое становішча, каб ён мог адмовіцца ад гэтай паездкі, тут ёсць два цікавыя моманты. Прыход Лукашэнкі да ўлады мы, кіраўніцтва БНФ, расцэньвалі як прыход да ўлады найніжэйшых і сярэдніх звёнаў былых савецкіх спецслужбаў праз прэзідэнцкія выбары. Гэта быў такі палігон, які практычна падрыхтаваў прыход Пуціна да ўлады ў Расеі. Натуральна, цэнтр імпэрыі знаходзіцца ў Маскве, а ў Лукашэнкі былі мары ўзначаліць гэтую імпэрыю яшчэ за Ельцыным. Але яны развеяліся, калі з'явіўся Пуцін.

Яны адно аднаго, мякка кажучы, не любяць, увесь час паміж сабой канфліктуюць. Успомнім газавыя войны, сцэнары апошніх выбарчых фарсаў, якія былі рознымі ў Пуціна і ў Лукашэнкі.

Аднак Лукашэнка дакладна разумее, што ягоныя гаспадары знаходзяцца ў Маскве. Цяпер там цікавая сітуацыя склалася. Гэта другі момант. Бо відавочна, што ў 2020-м годзе ён браў абавязак перад Пуціным, што гэта апошнія ягоныя «выбары». Цяпер жа Лукашэнка будзе выкручвацца, каб чарговым разам правесці выбарчы фарс свайго абрання.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках