Беспілотнікі ўдарылі па НПЗ у Башкартастане
4- 9.05.2024, 12:59
- 12,458
Завод належыць «Газпраму».
У Расеі адбыўся новы напад дронаў на адзін з нафтаперапрацоўчых заводаў. Ён знаходзіцца ў Башкартастане.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Telegram-каналы Baza, Astra і Mash.
«Беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчае прадпрыемства «Салаватнафтаоргсінтэз» у Башкартастане», - гаворыцца ў паведамленні Baza.
Са звестак Telegram-канала, на тэрыторыі завода пачаўся пажар. Пры гэтым нібыта пацярпелых няма.
Як адзначаюць у Telegram-канале Mash, спачатку быў характэрны гук, пасля раздаўся выбух. Папярэдне, пашкоджаная адна з установак на тэрыторыі прадпрыемства.
Пры гэтым, мясцовыя ўлады, як перадае Telegram-канал Astra, ужо паспелі даць справаздачу, што нягледзячы на надзвычайнае здарэнне, прадпрыемства, нібыта, працягвае працаваць у штатным рэжыме.
Адзначым, што завод належыць «Газпраму».