Колькі каштуе велікодны кошык у Беларусі і Польшчы?
4- 27.04.2024, 15:03
- 2,994
«Ашан» супраць «Грошыка»: параўнанне коштаў.
5 траўня хрысціяне, якія выкарыстоўваюць юліянскі каляндар, адзначаць Вялікдзень. Напярэдадні свята «Салідарнасць» паглядзела ў Варшаве і Менску, за колькі можна сабраць невялікі прадуктовы набор да велікоднага стала.
Спіс прадуктаў просты: журналісты шукалі яйкі, куліч, курыцу і бульбу на гарачае, у якасці закусак - мясную нарэзку, сыр, бутэрброды з чырвонай рыбай і цукеркі.
У двух гарадах «Салідарнасць» адправілася ў крамы з ніжэйшымі коштамі. У Варшаве гэта «Ашан», у Менску - «Грошык» і «Еўраопт».
Варшава - 112 рублёў
Яек на Вялікдзень трэба шмат, так што бярэм адразу пакаванне 20 штук памеру L за 19 злотых — гэта крыху больш за 15 беларускіх рублёў. Далей да гарачай стравы - кілаграм бульбы (1,89 злотых або 1,5 рубля) і тушку курыцы - амаль 7 злотых за кіло (блізу 5,5 руб).
Дарэчы, тут нядрэнны выбар польскай бульбы - можна набыць кілаграм на разважванне або сетку 2 кг ужо мытай, праўда, даражэйшай.
Непадалёк прыхопліваем курыныя вэнджаныя ножкі - 14,5 злотых за кг (блізу 12 руб).
Далей ідзём да каўбас. Бяром палачку салямі - 400 грам за 11 злотых (амаль 9 рублёў) і палачку сухой італійскай каўбасы з цвіллю - 15 злотых за 150 грам (12 рублёў).
З сыроў бяром Камамбер фірмы «President» - 6,46 злотых (5,2 бел. руб) і кавалачак «Гаўды» - 7,29 за 250 грам - гэта амаль шэсць рублёў.
На бутэрброды бяром батон - 3,29 злотых (2,6 бел. руб), сметанковае масла - 7,5 злотых (6 руб) за 250 грам і чырвоную рыбу - 29 злотых (амаль 23 рублі) за 250 грам.
Далей глядзім цукеркі. Выбар у «Ашане» велізарны, але мы возьмем тыя, аналаг якіх з большай імавернасцю знойдзем і ў Менску - «Кароўку». Паўкіло заважыла на 11,5 злотых — гэта крыху больш за 9 рублёў.
Зараз шукаем галоўны сімвал Вялікадня - куліч, ці, як называюць яго ў Польшчы - бабку. Паколькі каталікі свой Вялікдзень ужо адзначылі, выбар невялікі. Аднак удаецца знайсці нешта падобнае на наш куліч коштам 9 злотых — гэта 7,2 рубля.
Таксама бачым вялікі выбар кексаў з разынкамі, шакаладам, макам за 6-14 злотых. Бяром макавы рулет за 6,28 злотых - гэта прыкладна 5 рублёў.
Разам: у польскай сталіцы мы аддалі амаль 140 злотых - гэта 112 беларускіх рублёў. Пры сярэднім заробку ў Польшчы шэсць тысяч злотых пасля выліку падаткаў такі прадуктовы кошык складзе 2,33% ад заробку.
Менск - 81 рубель
У Менску «Салідарнасць» адправілася ў «Грошык», дзе самыя нізкія кошты. Аднак там не закупіцца «па-буйному». Напрыклад, ёсць вялікі выбар каўбас, але можа не быць астуджанага мяса і невялікі выбар сыроў. Таму нейкія прадукты журналісты дакупілі ў «Еўраопце».
Два дзясяткі яек С0 каштавалі 7,39 рублёў. Тушкі курыцы тут няма, як і паляндвіцы, ножак ці бёдраў. Таму курыцу ўзялі ў «Еўраопце» - «хіт продажаў» ад Пятрухі 6,29 рублёў за кг.
Перамяшчаемся назад у «Грошык». Кіло бульбы каштавацьме 0,69 рублёў. Гэта ўдвая танней, чым у Польшчы. Тут толькі адзін від, але ў «Еўраопце», як і ў Варшаве, таксама ёсць мытая.
Вэнджаныя курыныя ножкі - 12,35 рублёў за кг. З каўбас бярэм таксама салямі - 7,35 рублёў за 370 грам і падобную на тую, што ўзялі ў Варшаве, з цвіллю - 6,87 за 150 грам.
Сыр бярэм «Класічны» ад «Брэст-Літоўска» - кавалачак 200 грам за 4,39. Камамбера ў «Грошыку» няма, але ён ёсць у «Еўраопце» — ад «President» зараз акурат на зніжцы 7,49 рублёў замест 9,99. Але нават так даражэй, чым у Польшчы.
Цяпер шукаем прадукты на бутэрброды: нарэзаны батон 1,48 рубля, сметанковае масла «Мінская марка» — 4,28 за 180 грам, фарэль «Санта-Брэмар» 17,98 рублёў за 250 грам.
З цукерак таксама выбіраем «Кароўку», паўкіло заважыла на пяць рублёў. Кулічоў на момант закупу яшчэ не было ні ў «Грошыку», ні ў «Еўраопце», таму ўзялі пірог з макавым начыннем (ідэнтычны макаваму рулету ў Польшчы) за 3,19 рублёў.
Разам: у Менску велікодны кошык абышоўся 81 з невялікім рубля. Пры сярэднім заробку ў Беларусі пасля выліку падаткаў 1741 рубель такі прадуктовы кошык складзе 4,65% ад заробку.